Стала добрай традыцыяй у ДУК “Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей імя К. і Я. Тышкевічаў” штогод арганізоўваць раённую дзіцячую канферэнцыю “Тышкевіцкія чытанні”. У экспазіцыйнай зале музея 15 кастрычніка прайшлі VІ Тышкевіцкія чытанні на тэму “Гісторыя святынь Лагойшчыны”.
Падрыхтоўку да чытанняў супрацоўнікі музея, вучні і настаўнікі навучальных устаноў раёна пачалі яшчэ вясной. Першыя працы былі перададзены ўжо ў верасні, што дала магчымасць работнікам музея пазнаёміцца з імі дакладней. Увогуле ў канферэнцыі прынялі ўдзел вучні 11 агульнаадукацыйных школ раёна, якія цікавяцца гістарычнай спадчынай роднага краю. Прадстаўнікі школ, а гэта вучні 6 – 11 класаў, прадставілі пазнавальныя, цікавыя і змястоўныя даклады аб гісторыі святынь сваёй маленькай радзімы.
Усе даклады суправаджаліся змястоўнай прэзентацыяй, вызначаліся мэты і задачы. Журы, а гэта Ірына Станкевіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Алена Масцерава, карэспандэнт газеты “Родны край” і Таццяна Бекіш, дырэктар музея, прызначылі пераможцаў. Дакладчык Ганна Кішкурна, вучаніца Косінскай СШ атрымала дыплом за 1 месца за работу “Косінская Свята-Успенская царква. Гісторыя і сучаснасць у дакументах і сведчаннях прыхаджан” пад кіраўніцтвам выкладчыка І.У. Ізбавіцель, якая вельмі крапатліва і дасканала аднеслася да падрыхтоўкі даклада. Дыпломам за 2-е месца ўзнагароджана Яна Залуцкая, вучаніца Плешчаніцкай СШ, за работу на тэму “Культовые здания и святыни городского посёлка Плещеницы”. Надзея Владыка, вучаніца Крайскай СШ, прадставіла даклад “Из истории православных храмов Крайска” і атрымала дыплом за 3-е месца. Адначасова з дыпломамі пераможцам ўручылі памятныя прызы. Астатнія ўдзельнікі канферэнцыі таксама атрымалі дыпломы за актыўны ўдзел у VI Тышкевіцкіх чытаннях.
Хочацца адзначыць, што ўсе даклады былі вельмі дастойнымі, журы прыйшлося адбіраць доўгі час, каб вызначыць лепшых. Вельмі ўдзячны, што ў гэтым годзе прынялі ўдзел усе школы горада Лагойска.