Стала добрай традыцыяй у ДУК “Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей імя К. і Я. Тышкевічаў” штогод арганізоўваць дзіцячую канферэнцыю “Тышкевіцкія чытанні”. І гэты год не выключэнне. У экспазіцыйнай зале музея 14 лістападапрайшлі V Тышкевіцкія чытанні на агульную тэму: “Час. Падзея. Людзі”.
Падрыхтоўку да чытанняў супрацоўнікі музея, вучні і настаўнікі навучальных устаноў раёна пачалі яшчэ вясной. Мэтай канферэнцыі з’яўляецца актывізацыя краязнаўчай, пошукавай працы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Лагойшчыны.
Дзіцячая канферэнцыя праводзіцца ў пяты раз. Першая канферэнцыя прайшла ў верасні 2011 года на тэму “Гісторыя маёй малой радзімы”. У 2012 годзе ІІ чытанні адбыліся на тэму “Іх імёны засталіся ў гісторыі”. Удзельнікі ІІІ дзіцячай канферэнцыі 2013 года рыхтавалі даклады па тэме “Абрады і традыцыі майго мястэчка”, 2014 – “Вялікая Айчынная вайна ў лёсе майго зямляка”.
Першыя працы былі перададзены ўжо ў верасні, што дала магчымасць работнікам музея пазнаёміцца з імі дакладней. У канферэнцыі прынялі ўдзел вучні 10 агульнаадукацыйных школ раёна, якія цікавяцца гістарычнай спадчынай роднага краю. Прадстаўнікі школ, а гэта вучні 5 – 11 класаў, прадставілі пазнавальныя, цікавыя і змястоўныя даклады аб гісторыі свайго мястэчка, вядомых земляках.
Усе даклады суправаджаліся змястоўнай прэзентацыяй, вызначаліся мэты і задачы. Пасля выступлення журы прызначылі пераможцаў: дыплом 1-й ступені атрымала вучаніца 11 класа Плешчаніцкай СШ № 1 Сіняўская Марыя з дакладам “Наследие моего посёлка». Дыпломам 2-й ступені ўзнагароджаны Дарына Кункевіч і Кацярына Размова за работу на тэму “Твае людзі, Лагойшчына”. Ганна Вашчышына, вучаніца Гайненскай СШ, прадставіла даклад “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”, пад час якога вельмі цікава і тэатральна расказала аб легендах і паданнях вёскі Гайна, і атрымала дыплом 3-й ступені. Адначасова з дыпломамі супрацоўнікі музея ўручылі пераможцам памятныя прызы.
Усе дакладчыкі атрымалі дыпломы ўдзельнікаў канферэнцыі.
Найбольш яскрава ў канферэнцыі прадставілі свае працы вучаніцы 5 класа Вікторыя Гайчук, Дар’я Лаўрукевіч, Марыя Сарока з Сямкова, Надзея Мардас і Аксана Рогач з Калачаўскай СШ, Даніла Латаш, які прадставіў Лагазінскую СШ.
Арганізатары канферэнцыі выказваюць шчырую ўдзячнасць усім яе ўдзельнікам і спадзяюцца, што і надалей колькасць удзельнікаў будзе пашырацца.