Тых, хто прыйшоў у сераду ў Лагойскі Цэнтр культуры і вольнага часу, сустракалі напачатку гукі спакойнай фартэпіяннай музыкі ў выканнані Уладзіміра Мірончыка. Пяшчотныя мелодыі рыхтавалі гледачоў да сузірання карцін, прысвечаных тэме вясны і жаночай прыгажосці.

Навучэнцы рэспубліканскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ігара Ахрэмчыка адлюстравалі на палотнах розныя жаночыя вобразы. Гэта і маленькая дзяўчынка на арэлях, і дзяўчаты на ўлонні прыроды ці за мальбертам, і велічная князёўна побач з князем.

На прэзентацыю твораў сваіх вучняў прыехалі выкладчыкі гімназіі-каледжа.
З уступным словам звярнуўся да прысутных дырэктар Міхаіл Пазднікаў, які расказаў пра накірункі дзейнасці прэстыжнай навучальнай установы і прапанаваў нашым землякам паўдзельнічаць у праекце “Мы для дзяцей”, які рэалізуецца з мэтай выяўлення адораных юных музыкантаў і мастакоў.

Намеснік дырэктара, мастак, ураджэнец Лагойска Пётр Багданаў расказаў пра тое, як прыйшоў да выяўленчага мастацтва, падзякаваў супрацоўнікам Лагойскага гісторыка-краязнаўчага музея імя К. і Я. Тышкевічаў за плённае супрацоўніцтва і падарыў музею прыгожы “Вясковы нацюрморт” вучаніцы гімназіі-каледжа Ніколь Блоцкай.

З гэтай карцінай, а таксама іншымі творамі юных мастакоў можна пазнаёміцца ў фае Лагойскага РЦКД на працягу сакавіка. Дадатковую інфармацыю пра выставу можна атрымаць па тэл. 53-8-42.
Алена Масцерава, «Родны край» http://logoysk.by/